|
Старыя Чамаданы – вёска ў Фашчаўскім сельскім Савеце, за 24 км на паўднёвы ўсход ад Шклова, 50 км ад Магілёва. Рэльеф раўнінна-узгорысты. Праз рэчку цячэ р. Чаёнка (прыток р. Бася), на якой утвораны вадаём. Транспартныя сувязі па шашы Княжыцы-Горкі, якая праходзіць каля вёскі. 88 гаспадарак, 165 жыхароў (2007).
Упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах з 1560 года як сяло ў Магілёўскай вобласці ВКЛ, дзяржаўная ўласнасць. У 1580 годзе ў Магілёўскай воласці-старостве Аршанскага павета Віцебскага ваяводства, аддадзена ў пажыццёвае валоданне памешчыку. У 1604 г. цэнтр войтаўства Магілёўскага староства-эканоміі, 69 двароў, дзяржаўная ўласнасць. У 1612 годзе да сяла было прыпісана 70 валок ворнай зямлі, аддадзена каралём Сігізмундам ІІІ Вазай Аршанскай езуіцкай калегіі. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. У 1785 годзе ў Копыскім павеце Магілёўскага намесніцтва, 62 двары, 463 жыхары, меўся млын. Апрача земляробства сяльчане займаліся пчалярствам. У 1920-я гады дзяржаўная ўласнасць. У 1897 годзе ў Гарадзішчанскай воласці Горацкага павета Магілёўскай губерніі, 126 двароў, 867 жыхароў. Меўся хлебазапасны магазін. У 1908 годзе адкрыта земская школа. У 1909 годзе 133 двары, 982 жыхары. З 1924 года ў Фашчаўскім сельскім Савеце Шклоўскага раёна Магілёўскай акругі. На базе дарэвалюцыйнай створана працоўная школа 1-й ступені, якая размясцілася ў нацыяналізаваным памяшканні, у 1925 годзе было 122 вучні. У 1924 годзе адкрыта хата-чытальня, у 1927 годзе створана сельскагаспадарчае таварыства, у лістападзе 1929 года арганізаваны калгас «Першая пяцігодка», які ў 1933 годзе аб’ядноўваў 42 гаспадаркі. З 1934 года калгас аб’ядноўвала Фашчаўская МТС. У камсамольскую ячэйку ў той час уваходзіла 12 юнакоў і дзяўчат. З 1938 года ў Магілёўскай вобласці. У 1940 годзе ў вёсцы 1195 жыхароў, пачатковая школа пераўтворана ў 7-гадовую. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да чэввеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У ліпені 1941 года гітлераўцы растралялі і спалілі ў вёсцы больш за 400 савецкіх ваеннапалонных і мірных жыхароў. У 1990 годзе 138 гаспадарак, 276 жыхароў, у складзе саўгаса – эксперыментальнай базы «Спартак» (цэнтр – в. Фашчаўка). Размяшчаліся вытворчая брыгада, ферма буйной рагатай жывёлы, зернедрабілка, працавалі магазін, клуб, стацыянарная кінаўстаноўка, пачатковая школа. У 1997 годзе 126 гаспадарак, 225 жыхароў. У 2007 годзе вёска ў складзе РУСП «Эксперыментальная база «Спартак». Планіровачна складаецца з працяглай крывалінейнай вуліцы мерыдыяльнай арыентацыі з завулкамі, забудаванай двухбакова, шчыльна, традыцыйнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. На захад гаспадарчы сектар.
Старыя Чамаданы : [вёска ў Шклоўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : Магілёўская вобласць : энцыклапедыя : у 8 т. / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.]. − Мінск, 2009. – Т. 7 : кн. 3. – С. 520–521. |
| |
|