|
Дубраўка – вёска ў Фашчаўскім сельскім Савеце, за 21 км на паўднёвы ўсход ад Шклова, 42 км ад Магілёва, 23 км ад чыгуначнай станцыі Шклоў на лініі Орша-Магілёў. Рэльеф раўнінны. На захад мяжуе з лесам. Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы Санкт-Пецярбург–Адэса.
На паўднёва-усходняй ускраіне вёскі знаходзіцца гарадзішча Белая гара, якое сведчыць аб засяленні гэтых месц у далёкай старажытнасці. Вёска вядома з пачатку 17 ст. У 1604 годзе згадваецца як вёска Дуброва ў Плешчыцкім войтаўстве Магілёўскага староства Аршанскага павета. Дзяржаўная ўласнасць, 38 двароў, 16 валок зямлі, за якую сяляне плацілі чынш і мядовую даніну. У 1616 годзе вёска ў валоданні Аршанскай калегіі езуітаў. У 1742 годзе ў с. Дуброўка дзейнічала карчма. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. У 1785 годзе ў складзе маёнтка Фашчаўка Магілёўскага павета. 30 двароў, 193 жыхары. Паводле перапісу 1897 года ў Нічыпаравіцкай воласці Горацкага павета Магілёўскай губерніі.
На пачатку 20 ст. вёска, 72 двары, 539 жыхароў, школа. Вёска ўваходзіла ў Фашчаўскую воласць Горацкага павета Магілёўскай, з 1919 года Гомельскай губерняў РСФСР. На базе дарэвалюцыйнай створана працоўная школа 1-й ступені, якую наведвалі дзеці з вёсак Дубраўка і Саськаўка, у 1925 годзе ў ёй было 90 вучняў. У сакавіку 1919 года створана сельскагаспадарчая арцель, у 1924 годзе – меліярацыйнае таварыства. З 1924 года вёска ў Фашчаўскім сельскім савеце Шклоўскага раёна Магілёўскай акругі. У красавіку 1930 года арганізаваны калгас «Шлях сацыялізму», у які спачатку ўвайшла 31 гаспадарка, у 1934 годзе 76 гаспадарак. З 1938 года вёска ў Магілёўскай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Каля вёскі ў ліпені 1941 года ішлі цяжкія абарончыя баі, у якіх загінула каля 200 савецкіх воінаў. У памяць аб іх на паўднёва-ўсходняй ускраіне у 1983 годзе пастаўлены абеліск. У баях за вызваленне вёскі праявілі мужнасць воіны 366-га стралковага палка 153-й стралковай дывізіі 49-й арміі 2-га Беларускага фронту. Яфрэйтар І. І. Іваноў быў узнагароджаны ордэнам Славы 1-й ступені. 18 савецкіх воінаў, якія загінулі ў гэтых баях, пахаваны на вясковых могілках.
У 1991 годзе 125 гаспадарак, 269 жыхароў, у складзе саўгаса – эксперыментальнай базы «Спартак». У 1997 годзе 113 гаспадарак, 191 жыхар, магазін. У 2007 годзе ў складзе РУСП «Эксперыментальная база «Спартак».
Планіровачна складаецца з 2 амаль прамалінейных вуліц, арыентаваных мерыдыальна і злучаных прамалінейнай вуліцай шыротнай арыентацыі. Забудова пераважна двухбаковая, драўлянымі сялянскімі сядзібамі. На поўдзень гаспадарчы сектар.
Дубраўка : [вёска ў Шклоўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : Магілёўская вобласць : энцыклапедыя : у 8 т. / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.]. − Мінск, 2009. – Т. 7 : кн. 3. – С. 454. |
| |
|