|
Патапава – вёска ў Фашчаўскім сельскім Савеце, за 25 км на паўднёвы ўсход ад Шклова, 37 км ад Магілёва. Рэльеф раўнінны. На захад цячэ рака Арціслаўка (прыток р. Дняпро), на паўднёвы захад – возера Святое. Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы Санкт-Пецярбург–Адэса. Упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах з 1604 г. як сяло ў Даманаўскім войтаўстве Магілёўскага староства-эканоміі Аршанскага павета Віцебскага ваяводства.
У 1635 годзе 28 двароў, у 1700-я гады дзейнічала карчма. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) у складзе Расійскай імперыі. У 1785 годзе вёска Патапаўка (54 двары, 248 жыхароў) у складзе маёнтка Плешчыцы Магілёўскага павета, уладанне графа Завадоўскага. У 1897 годзе ў Нічыпаравіцкай воласці Горацкага павета Магілёўскай губерніі, 43 двары, 345 жыхароў, меліся 2 хлебазапасныя магазіны, піцейны дом. У 1909 годзе 48 двароў, 369 жыхароў. З 1919 года ў Нічыпаравіцкай воласці Горацкага павета, з 1922 года у Магілёўскім павеце Горацкай губерніі. З 1922 года ў Нічыпаравіцкім сельсавеце Лупалаўскага раёна Магілёўскай акругі, з 1931 года ў Шклоўскім раёне. У 1934 годзе 7 гаспадарак аб’ядналіся ў калгас імя Блюхера, які абслугоўвала Фашчаўская МТС. У канцы 1930-х гадоў у вёсцы аселі перасяленцы з бліжэйшых хутароў, дзейнічаў малаказавод. З 1938 года ў Магілёўскай вобласці. У 1940 годзе 120 двароў, 491 жыхар. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да чэрвеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія спалілі 45 двароў, гаспадарчыя пабудовы калгаса і малаказавод. Пасля вайны адбудавана. З 1952 года ў Фашчаўскім сельсавеце. У 1990 годзе 35 гаспадарак, 42 жыхары, у складзе саўгаса – эксперыментальнай базы «Спартак». У 1997 годзе 76 гаспадарак, 105 жыхароў. У 2007 годзе вёска ў складзе РУСП «Эксперыментальная база «Спартак». Планіровачна складаецца з двух прамалінейных, паралельных паміж сабой вуліц мерыдыяльнай арыентацыі, забудаваных двухбакова, традыцыйнымі драўлянымі сядзібамі.
Патапава : [вёска ў Шклоўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : Магілёўская вобласць : энцыклапедыя : у 8 т. / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.]. − Мінск, 2009. – Т. 7 : кн. 3. – С. 496. |
| |
|