|
Саськаўка – вёска ў Фашчаўскім сельскім Савеце, за 24 км на паўднёвы ўсход ад Шклова, 44 км ад Магілёва. Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы Санкт-Пецярбург-Адэса. Вядома паводле пісьмовых крыніц з 18 ст. У 1720 годзе на сродкі вяскоўцаў адкрыта школа, якая размясцілася ў наёмным памяшканні. У канцы 18 ст. в. Сасновічы, 29 двароў, 206 жыхароў, належала Аршанскай калегіі езуітаў. Апрача земляробства вяскоўцы займаліся перавозам па Дняпры вяленай рыбы і сплавам плытоў з мачтавым дрэвам, якое потым перавозілася па р. Дзвіна і далей да г. Рыга. У 1880 годзе 22 двары, 137 жыхароў. Частка вяскоўцаў займалася вырабам розных бытавых рэчаў з лыка і кары. У 1897 годзе ў Нічыпаравіцкай воласці Горацкага павета Магілёўскай губерніі, 39 двароў, 247 жыхароў. Меўся хлебазапасны магазін. У 1909 годзе 39 двароў, 285 жыхароў. Уваходзіла ў Фашчаўскую воласць Горацкага павета Магілёўскай губерніі, з красавіка 1919 года – у складзе Гомельскай губерніі РСФСР, з 1924 года – у Фашчаўскім сельскім Савеце Шклоўскага раёна Магілёўскай акругі. У 1919 годзе адкрыта школа, у якой у 1925 годзе быў 51 вучань. У 1927 годзе частка вяскоўцаў увайшла ў сельскагаспадарчае таварыства Фашчаўскага сельскага Савета. У маі 1928 года 6 сямей аб’ядналіся ў калгас «Чырвоны араты». У 1930 годзе ў калгас уступіла яшчэ 11 гаспадарак, а ў 1934 годзе ён ужо аб’ядноўваў 32 гаспадаркі, дзейнічала камсамольская ячэйка. З 1938 года ў Магілёўскай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У брацкай магіле, што на могілках, пахаваны 11 савецкіх воінаў 557-га стралковага палка 152-й стралковай дывізіі 43-й арміі, якія загінулі ў баі за вызваленне вёскі. У 1959 годзе да вёскі далучана вёска Пугачы. У 1990 годзе 88 гаспадарак, 185 жыхароў, у складзе саўгаса – эксперыментальнай базы «Спартак» (цэнтр – Фашчаўка). Размяшчаліся вытворчая брыгада, ферма буйной рагатай жывёлы, зернедрабільня, працаваў магазін. У 2007 годзе вёска ў складзе РУСП «Эксперыментальная база «Спартак». Планіровачна складаецца з 2 вуліц, арыентаваных з паўднёвага ўсходу на паўднёвы захад. На ўсход – адасоблены ўчастак забудовы. Забудавана двухбакова, шчыльна, традыцыйнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. На захад гаспадарчы сектар.
Радзіма беларускага пісьменніка Я. Крупенькі, дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Я. Мікалуцкага.
Саськаўка : [вёска ў Шклоўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : Магілёўская вобласць : энцыклапедыя : у 8 т. / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.]. − Мінск, 2009. – Т. 7 : кн. 3. – С. 507. |
| |
|