Адкуль у вёскі імя: Барсукі 
     Даўней у лясах ды пушчах было мноства звяроў і птушак, а ў рэках ды азёрах вадзілася вялікая колькасць рыбы. Людзі спрабавалі налавіць рыбы, ды ўвесь час нешта не атрымлівалася. Сварыліся рыбакі, за грудкі адзін другога хапалі, толькі гэта не дапамагала. І вось неяк адзін хітры чалавек, які заўсёды падвучваў астатніх, запрапанаваў злавіць нешта каштоўнае і паднесці такі дарагі падарунак самаму моцнаму вясковаму чараўніку.
     - Сапраўды, усё ж перапробавалі – нішто не дапамагло. Зловім што дарагое, то і дадзім, абы толькі рыба лавілася... вырашылі рыбакі. Пашанцавала тым рыбакам. Лавілі яны неяк вялізным невадам ў возеры. Як раскінулі яго, як запусцілі ў ваду, то амаль усё возера і перакрылі. Здавалася, куды ўжо той рыбе хавацца. Але, калі выцягнулі невад, то там нічога не аказалася. Усе апусцілі галовы, і тут адзін рыбак крыкнуў:
     - Глядзіце! У невадзе нешта ёсць!
     Сяляне падбеглі бліжэй і ўбачылі нейкую скрыначку. Выхапілі яе, адчынілі, а калі зазірнулі туды – скрыначка была поўная золата.
     Вось і падарунак чараўніку будзе, – зазначыў нехта. І рыбакі шпарка пакрочылі да вёскі, дзе жыў чараўнік. Дайшлі да хаціны і спыніліся, раюцца, каму першаму ісці. Ажно чуюць голас:
     - Чаго вы, хлопцы, спыніліся?
     Крутнуліся, а гаспадар ужо ззаду стаіць і пасміхваецца.
     Ведаю я вашу бяду. Мяне ж нездарма чараўніком завуць. І пра падарунак ваш ведаю. Давайце яго сюды, а самі ідзіце назад. Я буду думаць, у чым прычына. А каштоўнасці мне вашы не патрэбны. Я іх бедным людзям аддам. Рыбакі пайшлі. Сеў чараўнік і задумаўся, як жа зведаць, ў чым прычына няўдачы рыбакоў. А дапамог яму выпадак.
     Запрасілі неяк чараўніка на вяселле. Багатыя жаніліся. Але гэтага гаспадара заўсёды клікалі, бо баяліся, што ён нашле нешта благое на маладую сям’ю. Сярод запрошаных былі толькі паны ды паненкі. Госці пілі, елі, весяліліся, а потым пайшлі ў скокі. За сталом застаўся толькі чараўнік. І тут яго позірк зачапіўся за прыгожага паніча, які вельмі хораша танцаваў з прыгожай паненкай. А з-пад вопраткі яго выглядваў рыбін хвост. Здагадаўся чараўнік, што гэта сам Рыбін цар. Ускочыў ён і пабег да рыбакоў, каб беглі хутчэй рыбу лавіць. Рыбакі закінулі невад. Выцягнулі яго, а там рыбы цэлая гара. Усю ноч лавілі яны рыбу. Гэтулькі налавілі, жывыя горы вакол панасыпалі.
     Чараўнік жа вярнуўся на вяселле і пачаў наглядаць за Рыбіным царом. На досвітку пачаў той збірацца дамоў. Чараўнік ціхенька пакрочыў за ім. Падыйшоў Рыбін цар да возера і давай крычаць на свайго вартаўніка бабра, што той не дагледзеў яго царства. Бабёр адказаў, што не ён вінаваты. Ён папрасіў свайго брата барсука, каб той яго падмяніў, бо ў самаго маленькі сынок захварэў. А барсук праспаў усю ноч пад лазовым кустом. Рыбін цар выгнаў пасля гэтага барсука са сваіх уладанняў. Там, дзе ён упершыню пасяліўся, пазней з’явілася вёска, і назвалі яе – Барсукі.

     Легенду запісаў бібліятэкар Бушлякоўскай с/бібліятэкі Піівуноў Г.М. з успамінаў старажылаў  
Акунёўка
Бабчына
Барсукі
Вабічы 
Гарадзец 
Зарэчча 
Заходы 
Каменныя Лавы 
Карбатоўка 
Клімавічы 
Красная горка
Любінічы
Ордаць
Палыкавічы
Рагозна
Рамшына
Рубеж
Слабодка-Княжыцы
Славені
Старыя Стайкі
Чарнаручча
Таўкачы
Троіца
Шклоў
213004, Могилёвская обл., г.Шклов ул.Советская д.2
E-mail: lib@library-shklov.by
тел. 8(02239) 93-141; 8(02239) 93-460
Design and development Shklov library